Sviatlana Tsikhanouskaya Instagram – Сёньня для мяне быў дзень глыбокай удзячнасьці. Мне выпаў гонар узначаліць дэлегацыю дэмакратычных сілаў Беларусі на разьвітаньні са Сьвятым Айцом, Папам Францішкам, у Ватыкане.
Гэта быў асаблівы момант для мяне:
і як для рыма-каталіка, і як для дарадцы @prezident.sveta . Восеньню 2020 году, калі я пачынаў працу ў Офісе, адной з маіх першых місій было наладзіць сувязь са Сьвятым Пасадам і перадаць ліст ад Сьвятланы Ціханоўскай да Папы праз Апостальскага Нунцыя ў Вільні. Тады мы толькі пачыналі будаваць масты і даносіць да сьвету голас беларускага народу, што змагаецца за праўду і свабоду.
Мы вельмі ўдзячныя Апостальскай Сталіцы за запрашэньне аддаць нашую пашану і павагу Сьвятому Айцу. Папа Францішак быў сябрам усіх, хто шукае справядлівасьці і міру. Ён быў побач зь Беларусьсю ў цяжкі час, заклікаў да дыялёгу і спыненьня гвалту. Будзем маліцца за ягоную душу. Няхай ён знойдзе вечны спакой у доме Нябеснага Айца.
Сёньня ў Ватыкане, пасьля Пахавальнай сьвятой Імшы, я меў гонар сустрэцца з кардыналам Матэа Дзупі, зь якім падтрымліваю сталы дыялёг. Асабліва каштоўным стала знаёмства таксама з прэзыдэнтам Аргентыны Хаўерам Мілеем. Акрамя таго, адбыліся размовы з кіраўнікамі дзяржаў, міністрамі замежных справаў, дарадцамі і парлямэнтарамі з розных краін. З уласнай практыкі ведаю: часам менавіта такія кароткія сустрэчы на палях могуць вызначыць шлях да будучых рашэньняў і новых надзеяў для свабоднай Беларусі. | Posted on 27/Apr/2025 01:32:42



